Новости

Акцыя «Напішы адвакат_цы!»

Па стане на 14 мая 2023 года ў Беларусі 1483 чалавекі прызнаны палітычнымі зняволенымі. З іх не менш за 6 чалавек з'яўляюцца адвакат_камі.

Усе адвакат_кі, прызнаныя палітвяз_анкамі, аказаліся ў няволі праз жаданне дапамагаць сваім кліентам, нягледзячы на пагрозы, ціск і рэпрэсіі. Усе яны ўдзельнічалі ў палітычных працэсах, абаранялі палітвяз_анак, з прычыны чаго самі сталі палітвяз_анкамі. Усе яны, як і кожны чалавек са спісу палітычных зняволеных, павінны быць вызвалены і рэабілітаваны, крымінальныя справы ў дачыненні да іх павінны быць перагледжаны і спынены.

На жаль, зараз палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з неабгрунтаваным і вельмі моцным абмежаваннем магчымасці весці перапіску, а ў шэрагу выпадкаў сваякі і адвакаты не маюць да іх доступу цягам месяцаў, што з'яўляецца грубым парушэннем як міжнародных стандартаў, так і нацыянальнага заканадаўства. Але, нягледзячы на ўсё гэта, мы перакананыя, што нават пры адсутнасці хуткай прамой сувязі з імі мы ўсё роўна павінны падтрымліваць іх і нагадваць іншым пра іх як мага часцей.

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека сумесна з праектам "Права на абарону" напярэдадні Дня палітычнага зняволенага, які праводзіцца кожны год 21 траўня, прапануе далучыцца да акцыі "Напішы адвакат_цы!".

У межах дадзенай акцыі мы просім усіх і кожн_ую, каму не абыякавы лёс адвакат_ак, якія знаходзяцца ў зняволенні, і незалежна ад таго, ці былі вы іх кліент_камі, сябрамі або калегамі, ці асабіста знаёмыя не былі - напісаць на адрас аднаго_ой або некалькіх з іх адкрыты ліст, размясціўшы яго ў той ці іншай сацыяльнай сетцы з хэштэгам #напішыадвакату. Акрамя таго, калі публічнае размяшчэнне паведамленняў у сетцы можа быць для вас небяспечным, свой ліст вы можаце даслаць на электронную пошту Асацыяцыі (belarusianCIL@proton.me) альбо на электронную пошту праекта "Права на абарону" (defendersbelarus@protonmail.com) без указання свайго імя, захаваўшы сваю ананімнасць у публічнай прасторы. 21 траўня намі будуць апублікаваныя ўсе атрыманыя ананімныя лісты і ўсе лісты з хэштэгамі ў сацыяльных сетках, а таксама лісты будуць перададзены сваякам адвакат_ак.

На дадзены момант у зняволенні па палітычных матывах знаходзяцца адвакат_кі:

- Максім Знак (06 верасня 2021 года пастаноўлены вырак - 10 гадоў пазбаўлення волі);

- Аляксандр Данілевіч (10 красавіка 2023 г. пастаноўлены вырак - 10 гадоў пазбаўлення волі);

- Віталь Брагінец (02 лютага 2023 г. пастаноўлены вырак - 8 гадоў пазбаўлення волі);

- Анастасія Лазарэнка (11 траўня 2023 г. пастаноўлены вырак - 6 гадоў пазбаўлення волі);

- Юлія Юргілевіч (затрымана 30 жніўня 2022 года; паводле стану на сённяшні дзень разгляд справы яшчэ не адбыўся);

- Аляксей Бародка (затрыманы ў студзені 2023 года, 15 траўня пачаўся разгляд справы).
Made on
Tilda